УСЕРАСІ́ЙСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т (ВЦВК),

вышэйшы заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган дзярж. улады Рас. Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі ў 1917—38. Выбіраўся Усерас. з’ездам Саветаў з ліку дэлегатаў і дзейнічаў у перыяды паміж з’ездамі. Рашэнні трымаліся на сесіях ВЦВК, якія склікаліся перыядычна. ВЦВК, функцыі якога паміж сесіямі выконваў яго Прэзідыум, быў падсправаздачны з’езду Саветаў, выдаваў дэкрэты, пастановы, зацвярджаў праекты дэкрэтаў і інш. пастаноў СНК РСФСР. Да ўтварэння СССР уключаў і членаў ад сав. рэспублік Украіны і Беларусі (з 1920), Закаўказзя (з 1921), якія выбіраліся на рэсп. з’ездах Саветаў. Старшыні ВЦВК: Л.​Б.​Каменеў [27.10(9.11)—8(21)11.1917], Я.​М.​Свярдлоў [8(21).11.1917—16.3.1919], М.​І.​Калінін (30.3.1919 — ліп. 1938). Паводле Канстытуцыі РСФСР 1937 найвыш. органам улады стаў Вярхоўны Савет РСФСР (выбраны ў чэрв. 1938) і яго Прэзідыум (выбраны ў ліп. 1938).

т. 16, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)